КІ́ПРСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо в-ва Кіпр у 6—2 ст. да н.э. Першапачаткова створана для ўласна кіпрскай мовы, потым прыстасавана да грэч. мовы каланістаў. К.п. — вытворнае ад кіпра-мінойскага пісьма (разнавіднасць крыцкага пісьма). Мае 56 знакаў (галосны ці спалучэнне галоснага з зычным). Кожны знак — адкрыты склад, адсутнічае размежаванне доўгіх і кароткіх галосных, глухіх і звонкіх зычных. Кірунак справа налева, часам чаргаваўся ад радка да радка. Стараж. кіпрскія надпісы датуюцца 2400—2100 да н.э. Першыя дэшыфроўкі К.п. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. на грэч. мове. Тэксты на ўласна кіпрскай мове не прачытаны.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
А.М.Рудэнка.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)